РУ БЕ EN

Дажынкі

11.11.2022

Цудоўнае свята днямі ладзілася ў дзіцячым садку №36 г. Брэста.
Выхаванцы старэйшай групы запрасілі гасцей на Дажынкі. Вядома, не з такім размахам, як ладзяць аграрыі, але атрымалася па-дзіцячы весела, займальна і пазнавальна.

Дажынкі – старажытнае земляробчае свята. Святкаванне завяршэння жніва – гэта нашы родныя і блізкія нам традыцыі. Іх вякамі выконвалі нашы родзічы. Адзін з галоўных сэнсаў – праславіць дзве вялікія каштоўнасці: чалавека-працаўніка і нацыянальную культуру.

У дзіцячым садку гэта свята ладзіцца не першы раз. Яно мае свой непаўторны і асаблівы фармат, таму атрымала папулярнасць.

Пад час свята хлопчыкі і дзяўчынкі ўспомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі, гулялі ў народныя гульні, спявалі вясёлыя песні, чыталі вершы і вадзілі карагоды. Дзеці прымножылі веды аб традыцыях і абрадах свайго народа. Даведаліся шмат цікавага. Ну і, канешне, на «Дажынках» не абыйшлося без традыцыйнага караваю і жаданых гасцей – Васілінкі і Несцеркі, якія прыўнеслі ў свята свой каларыт.